вялікі князь маскоўскі і ўсяе Русі [з 1533], першы рус. цар [1547—84], З дынастыі Рурыкавічаў. Сын вял.кн.Васіля III Іванавіча і княгіні Алены Васілеўны Глінскай (гл.Глінскія). У 7 гадоў застаўся сіратой, выхоўваўся ва ўмовах баярскага кіравання, якое вызначалася зацятай барацьбой груповак Бельскіх, Шуйскіх і Глінскіх. Самаст. правіў з 1549. Пры ім пачалі склікацца Земскія саборы, складзены Судзебнік 1550. У 1549—60 правёў рэформы цэнтр. і мясц. кіравання, арміі, суда, фінансаў і інш. Для барацьбы з рэшткамі феад. раздробленасці і баярскай апазіцыяй увёў апрычніну (1565, адмяніў у 1572), фізічна знішчаў сваіх праціўнікаў, канфіскоўваў іх уладанні. За дэспатычны характар празваны Грозным. Пры ім узмацнілася запрыгоньванне сялян: увёў часовую забарону ў 1581 сял. выхаду ў Юр’еў дзень. У знешняй палітыцы прытрымліваўся курсу на пашырэнне межаў дзяржавы. У часы яго праўлення далучаны Казанскае ханства (1552), Астраханскае ханства (1556), у залежнасць трапіла Сібірскае ханства (1555, далучана ў 1581), Вял. Нагайская арда (1557). Вёў Лівонскую вайну 1558—83, у 1562 на чале 80-тысячнага войска ўступіў у межы ВКЛ, што прывяло да вял. разбурэнняў і чалавечых ахвяр на тэр. Беларусі. Пры І. IV наладжаны гандл. сувязі з Англіяй (1553), створана 1-я друкарня ў Маскве. У гістарыяграфіі пра яго з пач. 17 ст. складвалася канцэпцыя «двух Іванаў» — мудрага дзярж. дзеяча ў 1-й пал. царавання і тырана ў 2-й. І. IV быў адукаваным для свайго часу чалавекам; аўтар пасланняў кн. А.М.Курбскаму, англ. каралеве Лізавеце I, швед. каралю Юхану III і інш. Вобраз І. IV шырока адлюстраваны ў фальклоры, л-ры (М.Ю.Лермантаў, А.К.Талстой, А.М.Талстой), выяўл. мастацтве (І.Я.Рэпін, В.М.Васняцоў, М.М.Антакольскі).
Літ.:
Ткаченко В.А. Московские великие и удельные князья и цари. М., 1992;
Зимин А.А., Хорошкевич АЛ. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982;
Скрынников Р.Г. Царство террора: Монография. СПб., 1992;
Яго ж. Великий государь Иоан Васильевич Грозный. Т. 1—2. Смоленск, 1996;
Альшиц Д.Н. Начало самодержавия в России;
Государство Ивана Грозного. Л., 1988.
Іван IV Васілевіч Грозны. Малюнак з «Вялікай гасударавай кнігі» («Царскага тытулярніка»), 1672.